У госці ды з гітарай.

Завітаў да нас госць — украінскі гітарыст, лаурэат Усерасійскага і Міжнароднага конкурсаў, прафеcap Харкаўскай акадэміі музыкі Уладзімір Дацэнка. А ў якасці ветлівай гаспадыні сустракала яго наша гітарыстка — лаўрэат міжнародных конкурсаў Юлія Лонская. Разам яны далі два канцэрты — у Магілёве і Мінску.

У госці, вядома, ходзяць з падарункамі. А прымаюць гасцей не толькі пачастункамі, але і зацікаўленай гутаркай. На пачатку канцэрта пра свае творчыя дасягненні “распавядала” Юлія — вядома, на гітарнай мове. Але пры ўсёй дасканаласці выканання Санаце № 3 Пансэ, можа, крыху не хапала пранікнёнасці інтанацый, бо так хацелася, каб гітара не проста іграла, а яшчэ і спявала.

Затое якое хараство перад намі раскрылася падчас выканання Юліяй Шасці мініяцюр Душана Багданавіча! Гэты цыкл, паводле аўтарскай задумы, сімвалізуе яго родную Югаславію, кожная з частак — Сербію, Харватыю і іншыя маленькія краіны, на якія яна падзялілася. А экзатычныя нацыянальныя рытмы, інтанацыі, гармоніі робяць цыкл сапраўды пікантным “пачастункам”.

У другой палове канцэрта да музычнай “трапезы” прыладзіўся так званы “нязваны” госць: нейкі слухач, выцягнуўшы прыватную відэакамеру, пачаў шмыгаць па зале, сляпіць вочы яркай лямпачкай, але незадаволеная публіка так зацыкала на парушальніка спакою, што той быў вымушаны рэціравацца. I добра! Бо У. Дацэнка прэзентаваў суцэльны каскад сюрпрызаў — невялічкіх п’ес, што лічацца сапраўднымі гітарнымі хітамі. А гітара яго быццам размаўляла чалавечым голасам — асабліва ў творах Л. Брауэра.

“На дэсерт” ён пачаставаў і надалі лацінаамерыканскія рытмы самбы і боса-новы ў спалучэнні з імітацыяй гучання акардэона. А выбух апладысментаў прэтэндаваў на “прыз слухацкіх сімпатый”.

Эх, каб яшчэ падчас такіх гасцяванняў можна было б не толькі насалодзіцца, а штосьці і “пазычыць” назаўсёды! Я нават не пра кампакты — пра той аб’ёмны, моцны і адначасова мяккі гук, уласцівы У. Дацэнку, пра артыстызм і выканальніцкую свабоду, якіх часам так не хапае нашым занадта “акадэмічным” гітарыстам. Ну, а госці, у сваю чаргу, маглі б “унесці з сабой” нашу беларускую сур’ёзнасць, уменне ўражваць не толькі знешне бліскучай тэхнікай і спецэфектамі, але і глыбінёй думак і пачуццяў.

                                                                                           Ксенія НЯМЕРА 

                                                                                       газета "Культура" 

                                                                 культура №6 5-11 лютага 2005 г.