Кірыл УСПЕНСКІ выкладае ігру на гітары ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і БДПУ імя М. Танка, а таксама працуе ў паэтычна-музычным тэатры “Зьніч”. Можа, гэта тэатр так паўплываў на яго, што ён не толькі стаў гітарным “асветнікам”, але і, можна так сказаць, стварыў своеасаблівы “тэатр гітары”, гэткае літаратурна-паэтычна-музычнае падарожжа, падчас якога самыя шырокія колы слухачоў знаёмяцца з першымі ўспамінамі пра гітарных продкаў 2000-гадовай даўніны, назіраюць развіццё гітарнай музыкі ад Рэнесансу да нашых дзён.
Так было і на адным з нядаўніх канцэртаў, што адбыўся ў Камернай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Кожны значны этап у станаўленні інструмента ілюстраваўся адпаведнымі творамі, гучала паэзія Лоркі, прэм’ера “Навагодняга роздуму” Галіны Гарэлавай, аўтарскія творы маладога беларускага гітарыста Р.Ташпулодава, акрамя ж гітарных сола — дуэты, у тым ліку з віяланчэллю.
— Ідэя падобных канцэртаў дзе спалучаліся б музыка, паэзія і гісторыя развіцця інструментаў — прызнаўся К.Успенскі, — нарадзілася, так бы мовіць, з-за “вытворчай неабходнасці”. Каб мае студэнты маглі неяк “абыграць” на публіцы сваю праграму, я арганізоўваў канцэрты для самай разнастайнай аўдыторыі, часам далёкай ад музыкі. Не паверыце, але першыя такія спробы адбыліся ў... Аграрна-тэхнічным універсітэце. Зразумела, там да кожнага твора патрабавалася адпаведная прэамбула! I калі пасля такіх канцэртаў-гутарак нам дзякавалі не толькі за музыку, але і за гістарычна-паэтычныя дапаўненні, дык узнік і суцэльны лекцыйна-канцэртны цыкл “Пяць стагоддзяў гітарнай музыкі”, ажыццёўлены студэнтамі майго класа ў педуніверсітэце.
— Сярод вашых выхаванцаў ёсць проста палярныя асобы: інтымна-лірычная манера Ягора Дзыгуна цалкам супрацьлеглая энергічна-гумарыстычнай Рамана Ташпулодава. Як вы дапамаглі ім адшукаць індывідуальны выканальніцкі стыль?
- Вучань ні ў якім разе не павінен станавіцца “клонам” свайго педагога. Таму заняткі са студэнтамі для мяне — гэта не толькі перадача ўласнага досведу, але і, галоўнае, сумесная творчасць.
Ксенія НЯМЕРА
Культура № 14
2 — 8 красавіка 2005 г.
