Тары - бары пра "Рэнесанс гiтары".

 Сёлетні гітарны фестываль у Гомелі быў ужо восьмым — у наш час, калі фестывалі знікаюць не менш хутка, чым з’яўляюцца, лічба адметная. Прычым, калі спачатку на яго збіраліся, у асноўным, беларусы (і пераважна гамяльчане), дык паступова геаграфія пашыралася. На сённяшні дзень у Гомелі пабывалі гітарысты з Расіі, Украіны,Польшчы, Чэхіі, Югаславіі, Венгрыi, Францыі, Швейцарыі і іншых краін. Пагадзіцеся, ужо сам гэты факт, што стаіць за назвай “VIII Міжнародны”, выклікае павагу. Павінна ж быць нешта, што прымушала б гітарыстаў розных краін восем гадоў запар з’язджацца ў горад, вядомы ва ўсім свеце хіба што чарнобыльскай славай! I гэта "нешта” не тычыцца матэрыяльных выгод, бо нашы ганарары не параўнаеш з замежнымі, дый умовы знаходжання на фестывалі наўрад ці назавеш вельмі прыцягальнымі (у адным з нумароў гатэля фіранка прымёрзла да аконнага шкла).

 Так, “Рэнесанс гітары” адметны не сваёй матэрыяльнай базай, а нейкай асаблівай атмасферай гітарна-музычнага свету, непрыхільнага да раўнадушша. Тры фестывальныя дні ператвараюцца ў тры дні і ночы: зранку — майстар-класы і лекцыі, удзень — рэпетыцыі зводнага гітарнага аркестра, у вечары — канцэрты, а пасля іх — працяглыя абмеркаванні і дыскусіі ў гатэлі.

 Сёлета, магчыма, мала было выступаў замежных гітарыстаў. Да таго ж, прадстаўлены былі толькі суседнія краіны — Украіна, Расія, Польшча. Бракавала фестывалю і прафесійных майстар-класаў. Але такія дэталі не маглі сапсаваць добрага ўражання ад фестывалю ўвогуле. На мой погляд, шмат карыснага для пачаткоўцаў было на семінары Уладзіміра Угольніка па імправізацыі. Запомнілася відэалекцыя Ігара Шошына.

 Атмасферы ўсеагульнай зацікаўленасці як мага лепей пасавала і дэмакратычнасць канцэртаў, у якіх на роўных з дарослымі бралі ўдзел і дзеці: Юля Курыловіч, Ігар Дзедусенка і Алёша Кісялёў — унук заснавальніка гітарнага руху ў Гомелі.

 Не іначай як супер-ідэяй можна было назваць і правядзенне I Міжнароднага інтэрнет-конкурсу на лепшы твор для дзіцячых музычных школ. Сёння рэпертуар пачаткоўцаў вельмі бедны на арыгінальныя гітарныя п’есы і ў большай меры складаецца з транскрыпцый. Таму галоўным вынікам конкурсу можа лічыцца нават не размеркаванне прэмій, а зборнік з дасланымі на яго мініяцюрамі, якому проста наканавана стаць рэпертуарным. Ну, а надалей хацелася б пажадаць такому конкурсу працягу: з яшчэ большай колькасцю удзельнiкау i яшчэ большай iх iнiцыятывай.

 Ды ўсё ж галоўнае, з чаго складалася атмасфера VIII Міжнароднага “Рэнесансу гітары”,— гэта ўласна канцэртныя праграмы. Сёлета фестываль адкрываўся з выканання аркестравых твораў з саліруючай гітарай. Музыкай Л.Бакерыні Уладзімір Захараў вярнуў нас у мінулае, згубіўшы недзе на памежжы эпох некалькі апошніх тактаў. Яркім кантрастам стала выкананне канцэрта № 3 Л.Брауэра. Уладзімір Дацэнка (Украіна) тонка перадаў змену драбнейшых псіхалагічных настрояў, яго гітара гучала, бы чалавечая размова, маналог нашага сучасніка пра цяжкасці, перажыванні і надзеі, што пануюць у свеце. Сугучным па тэматыцы аказаўся “Харал” беларускага кампазітара Галіны Гарэлавай з яе Канцэрта для гітары, струнных і званоў, адухоўлена выкананы знакамітым Янам Скрыганам. Вядома, той канцэрт не змог бы адбыцца без камернага аркестра “Sonante” пад кіраўніцтвам Івана Касцяхіна - аркестра сапраўды высокага ўзроўню, здольнага, да таго ж, дабіцца адпаведнага балансу гучання, пры якім не заглушалася б гітара. 

 Яшчэ адным маленькім адкрыццём сталі ярка выяўленчыя, з гумарам напісаныя п’есы Рамана Ташпулодава з яго “Дзіцячага альбома”, у якіх быў відавочны працяг традыцый яго выкладчыка ў Гродзенскай музычнай вучэльні У.Захарава.

  Парадавалі публіку і вучаніцы У.Дацэнкі — Улляна Мачнева і Алена Алейнікава з Украіны. Улляна, што заняла на конкурсе мініяцюр III месца, вучыцца па класе кампазіцыі ў Харкаўскай кансерваторыі. Адметнасцю яе стылю (у тым ліку выканальніцкага) можа лічыцца вытанчанасць, што спалучаецца з віртуознасцю.

  Сюрпрызам другога фестывальнага дня сталася незапланаванае выступленне Святланы Бурнос. Пад час ранішніх майстар-класаў Алег Капянкоў, нязменны вядучы канцэртаў, звярнуўся да гітарыстаў з прапановай паўдзельнічаць у вячэрняй праграме, бо некаторыя госці не змаглі раней прыехаць. Адгукнулася Святлана — і здзівіла моцнасцю, аб’ёмам гучання, чароўным спалучэннем страснасці і паэтычнасці.

  Выступленне Паўла Шамшуры і Міхаіла Лявончыка ўдала працягнула фестывальныя традыцыі ансамблевага выканальніцтва, у мінулыя гады прадстаўленыя дуэтамі дзвюх гітар, дзе адна магла быць электра-, дуэтамі гітары і флейты. Але ж каб сыграць "Гісторыю танга” А. П’яцолы дуэтам гітары і цымбалаў — такога яшчэ не было. Віртуозная тэхніка Міхаіла і своеасаблівыя філасофскія погляды Паўла ўзаемадапаўнялі адно аднаго. I каб на гітарным фестывалі публіка патрабавала “біс” ад цымбаліста — такога таксама раней не было. Думаю, пасля візіта М.Лявончыка папулярнасць цымбалаў у Гомелi ўзрасце яшчэ больш.

  Вельмі кранальны, пяшчотны дуэт гітары з мандалінай склаўся ў Яна Скрыгана і Кацярыны Пракопчык. Святочная атмасфера, не пазбаўленая лёгкага гумару, суправаджала дуэт польскіх гітарыстаў Марыуша Даманьскага і Сільвіо Матулеўскага. Іх дзве гітары гучалі, як адна, і гэта зладжанасць дапаўнялася ўдалым выбарам музыкі і яе апрацоўкамі з безліччу каларыстычных прыёмаў.

  Ды ўсё ж самай, бадай, каларытнай асобай фестывалю быў украінец Валерый Пятрэнка — прадстаўнік пакалення музыкантаў-шасцідзесятнікаў, якія навучаліся ігры на інструменце самастойна і дасюль захавалі  да нотнага тэксту і, тым больш, кампазітарскага стылю вольныя, вельмі асабістыя адносіны.

  Як ні дзіўна, але самым дыскусійным і адначасова самым яркім стала выступленне Дзмітрыя Іларыёнава з Расіі. Адны гаварылі пра яго геніяльнасць, другія сцвярджалі, што гэта толькі шыкоўная тэхніка. Але ж ён іграў творы XIX стагоддзя — “залатога веку” гітары, а гэта музыка і была разлічана на віртуозную тэхніку і яркія сцэнічныя эфекты.

 Паводле традыцыі, пазычанай у заходніх фестываляў і складзенай у Гомелі летась, вянчаў “Рэнесанс гітары — 2001” зводны гітарны аркестр пад кіраўніцтвам Яўгена Грыдзюшкі. Холад за кулісамі, дзе музыканты настройвалі інструменты, і раптоўная цеплыня ад сафітаў на сцэне не спрыялі зладжанасці гучання. Да таго ж, сёлета аркестравыя шэрагі папоўніліся куды большым наплывам гомельскіх аматараў. Але некаторая спантаннасць такога “калектывізму”, ад якой так пакутаваў дырыжор, сталася яшчэ адным доказам узрастання папулярнасці фестывалю і самой гітары.

                                                                                                                                  Ксенія ПАПОВА

 

 “Падкопы” крытыка, які на фэсце не быу.

3 феноменам гомельскага “Рэнесансу гітары” я пазнаёмілася летась. I ўжо тады запланавала свой наступны візіт у гэты гітарны горад над Сожам, не ведаючы, што праз год назва рэчкі ператворыцца ў “СОЖАление” з-за немагчымасці паехаць на фестываль: ну, захварэла! 3 тым большай рэўнасцю я праглядвала ўсе друкаваныя фестывальныя выданні, пераслухвала зробленыя аўдыёзапісы і прыслухоўвалася да водгукаў саміх гітарыстаў. I прыйшла да высновы, што ў гэтага фэсту маглі б павучыцца некаторыя яго больш знаныя “калегі”. Нягледзячы нават на тое, што, калі меркаваць па колеры аднайменнага альманаха, які выходзіць да фестывалю, дык “Рэнесанс гітары — 2001” быў зялёным. Што ж, сёлетні фестываль і сапраўды, відаць, быў больш спакойным, ураўнаважаным (а менавіта такія асацыяцыі выклікае зялёная фарба), але зусім не “пазелянеў” у сэнсе грошай, бо на ім адбіліся ўсе цяжкасці эканамічнага становішча краіны ўвогуле. Ен не быў “зялёным” у сэнсе творчай сталасці, але відавочна “пазелянеў” узрост тых, каму былі прызначаны яго вынікі: сёлетні фестываль яшчэ больш за папярэднія, дзякуючы конкурсу на лепшы твор для ДМШ, быў скіраваны ў бок моладзі і дзяцей.

  На конкурс былі заяўлены 28 мініяцюр 20-ці удзельнікаў з 7 краін, уключаючы Аўстрыю, Грэцыю, ЗША. Найбольшая колькасць аўтараў была з Беларусі (11 чалавек), трое канкурсантаў з Украіны, двое з Польшчы. А пераможцам стала гітарыстка Джэніфер Рай Барэт-Дру з Канады. Яна даслала тры мініяцюры (“Троль”, “Маленькая русалка”, “Імператар і салавей”), з якіх журы адзначыла першую — першай прэміяй, а трэцюю — другой (II месца было падзелена з беларусам Сяргеем Буравым). Сярод 12 членаў журы былі прадстаўнікі 11 краін: Францыі, Венгрыі, Польшчы, ЗША, Расіі, Славакіі, Грэцыі, Югаславіі, Італіі, Аўстрыі і Беларусі (Валерый Жывалеўскі і Яўген Грыдзюшка). У прадузятасці членаў журы абвінаваціць было немагчыма: кожны з іх паасобку знаёміўся з дасланымі п’есамі і выяўляў свае ўражанні ў 10-бальнай сістэме. Паказальнікам аб’ектыўнасці можа служыць і выдадзены збор п’ес, і абнародаваная колькасць балаў: лепшы  з твораў набраў толькі 85 са 120, магчымых для вызначэння сусветнага шэдэўра.

  А па-за конкурсам, бадай, адзіным спрэчным момантам, як лічаць некаторыя, застаюцца п’есы Ігара Шошына — арт-дырэктара фэсту, яго натхняльніка, арганізатара і прадзюсера. Нават не столькі самі п’есы, колькі тое, што ніводны фэст без іх не абыходзіцца. Заўважу: ніхто нікога да іх выканання не прымушае, госці самі бяруць іх у свой рэпертуар. I гэта цалкам зразумела! Проста сам Шошын апынуўся быццам паміж дзвюх эпох. Ці то ён “апошні з магіканаў” — адукаваны мецэнат, які сваё захапленне гітарай наікіраваў у фестывальнае рэчышча, ці то “прадвеснік будучага” — новай эпохі такіх мецэнатаў-аматараў, што дадуць фору многім прафесіяналам. Як бы тое ні было, асабіста я — за помнік Шошыну ўжо пры жыцці. Дык што ж дрэннага ў тым, калі той музычны? Іншая справа, што няблага было б і дзяржаве, нарэшце, матэрыяльна далучыцца да гэтага ўваходжання беларускай гітары ў агульнаеўрапейскі (і нават сусветны) кантэкст.

                                                                                                                                      H. Б.

                                                                                                                                                   Культура № 1

                                                                                                                                                 12-18 студзеня 2002 г.

Пейзаж с дождём