НАША ГIТАРА Ў АЎСТРЫІ.

Днямі наша гітарыстка, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталля Ліпніцкая вярнулася з Аўстрыі, дзе на Міжнародным конкурсе ў г. Русце заняла I месца. А напярэдадні паездкі адбыўся яе сольны вечар у Камернай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі і наша з ёй “пасляканцэртная" размова.

— Наталля, я думаю, што гэты канцэрт усё ж можна назваць тваім сольным. Бо на працягу двух аддзяленняў ты заставалася галоўнай дзейнай асобай, хаця твой выкладчык Яўген Грыдзюшка і выканаў два творы, а таксама іграў з табой дуэтам.

— Гэта менавіта ён прапанаваў мне пабудаваць канцэрт наступным чынам.

— Яму што, твая слава не давала спакою?

— Наадварот! Паводле задумы, яго нумары павінны былі даць магчымасць слухачам “пераключыцца” і “асвяжыць” успрыняцце музыкі. Бо ў зале сядзелі не толькі цярплівыя прафесіяналы.

— А як ты сябе пачувала на сцэне? Відаць, таксама за дзве гадзіны неабходна было крыху “пераключыцца”? Бо музыканты падчас канцэртаў вельмі эмацыянальна напружаны.

— Сапраўды, мне было няпроста. Як выйшла іграць, у зале стаяла такая цішыня, што мне падумалася: калі б хто-небудзь кашляў ці шаптаўся, было б лягчэй сыграць першую ноту. А пад канец, вядома, увогуле стамляешся. Вось у такія моманты мяне і выручаў Грыдзюшка, які сваімі нумарамі даваў магчымасць трохі адпачыць.

 — Тым больш, што і праграма была складзена не з класікі, а з музыкі сучасных кампазітараў, амаль невядомых публіцы. Той жа Даменіконі, які скончыў дзве кансерваторыі: па класе гітары і па класе кампазіцыі, прычым у Стамбуле, набыўшы разам з адукацыяй усходнюю арнаментыку. Ці Дыенс, які родам з Туніса, а зараз выкладае ў Парыжскай кансерваторыi. Чаму ты абрала іх творы — з-за экзотыкі?

 — Мне здаецца, нецікава слухаць хаця і прыгожую, але надта “зайграную” музыку. Мінскія ж гітарысты доўгі час выконвалі практычна адныя і тыя ж опусы. А людзі ж прыходзяць не толькi на тэхніку і віртуознасць.

— На маю думку, змена праграмы дае і самому артысту магчымасць пераўвасаблення. Для мяне, напрыклад, сюрпрызам было пачуць у выкананні такой вытанчанай, інтэлігентнай дзяўчыны, як ты, Варыяцыі на анаталійскую тэму Даменіконі, прасякнутыя паўднёвым тэмпераментамі нават моцным паганскім духам.

— У гэтым творы, акрамя іншага, мяне прывабіла легенда. Маўляў, кампазітар выкарыстаў фальклорную мелодыю Анатоліі — мясцовасці ў Турцыі, таму што менавіта там былі знойдзены першыя рэшткі старадаўняга інструмента, які нагадваў гітару. Хаця, магчыма, аўтару, як і мне, проста спадабалася музычная тэма. 

 — Не менш уразілі ў тваім выкананні і творы Скарлацці і Крысціяна Баха — сына знакамітага Іагана Себасцьяна. Вядома, у арыгінале яны былі напісаны не для гітары, а для харпсіхорда, клавесіна.

— Калі гэтыя інструменты выйшлі з моды, старадаўнюю музыку пачалі іграць на фартэпіяна. Але з-за гэтага яна страчвае свой асаблівы каларыт. Гітарны ж тэмбр максімальна набліжаны да клавесіна ці харпсіхорда, таму і гучыць добра.

— А фартэпіянны "хіт” — “Месяцавае святло” Дэбюсі? Гэту пьесу вы сыгралі дуэтам, і здавалася, быццам яна і была прызначана для такога складу.

— Пералажэнне рабіў сам Яўген Грыдзюшка. I гэта была не першая ў свеце спроба выканаць Дэбюсі на гітары.

— А як ты пачувала сябе ў дуэце? Усё ж побач — выкладчык.

— Яўген Міхайлавіч і ў класе на занятках стварае атмосферу творчага пошуку, намагаецца максімальна разняволiць студэнтаў, ніколі не навязвае нейкае адно рашэнне, даючы вялікую свабоду выбару.

— Але ж не заўсёды бязмежная свабода дае плён. Можа, трэба калі-небудзь праводзіць і жорсткую палiтыку?

— Толькі не пры нашай сістэме адукацыі, калі яшчэ з дзяцінства, са школы адразу патрабуюць яркіх знешніх поспехаў, з-за чаго дзіця страчвае радасць музіцыравання — самою па сабе і для сябе. А для музыканта, лічу, важней радасць і захапленне ад творчага пошуку, чымсьці вымучаны вынік, няхай і алімпійскі.

— Табе таксама з выкладчыкамі не пашчасцiла?

— Чаму ж? Мая першая настаўніца Марына Дубовік літаральна перавярнула маё ўспрыняцце музыкі. А Уладзімір Белышаў, які выкладаў у музычнай вучэльні, увогуле стаўся сапраўдным “бацькам”. Дапамагала парадамі і канцэртмайстар Ірына Падамацка. Зараз, акрамя Яўгена Грыдзюшкi, вялікі ўплыў на мяне робяць сябры-гітарысты — Павел Шамшура і Ян Скрыган. У размовах з імі я знаходжу і новую інфармацыю пра гітарнае жыццё за межамі рэспублікі, і падтрымку, і натхненне, а часам і крытыку.

 

                                                            Ксенія ПАПОВА

                                                                         газета "КУЛЬТУРА" №14 

                                                                         13 - 19 красавіка 2002 г.