Дзiуныя гукi гiтарнай струны.

На сцэне Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра "Зьніч" у рамках абанемента "Тайна зьнічнага святла" прайшоў вечар гітарнай музыкі. Сваё выканаўчае майстэрства паказалі студэнты i выпускнікі Беларускай акадэміі музыкі — вучні Кірыла Алегавіча Успенскага.

Праграму канцэрта склала музыка Г.Гендэля, што адносіцца да часу барока, творы гітарных рамантыкаў XIX стагодцзя Ф.Сора и Н.Коста і сучасных айчынных i замежных аўтараў. Гэта каларытныя і ў многім экзатычныя Варыяцыі на тэму турэцкай народнай песні італьянца К.Даменіконі і даволі экстравагантная п’еса Р. Дзьенса пад назвай "Соль дыез", у якой гэтая нота музычнага гукарада выступае ў якасці ідэі-фікс, што паступова захоплівае ўсю музычную прастору і фактычна прымушае па ходу твора пераладзіць дзве гітарныя струны.

Самі выхады музыкантаў былі пабудаваны па прынцыпу кантрасту. Так, мяккая, камерная манера ігры Ксеніі Нямеры змянялася яскравай і экспрэсіўнай ігрой Ягора Дзыгуна. На выступленні выпускніка Юрыя Мяркулава слухачы акунуліся ў атмасферу класічнага перыяду музычнага мастацтва, а потым апынуліся ў незвычайнай прасторы японскіх інтанацый, маляўніча перададзеных кубінскім кампазітарам Л.Браўэрам у п’есе "Хіка”. Амаль напрыканцы праграмы на сцэну выйшаў незвычайны дуэт. Разам з гітарай загучала сакавітая і багатая па тэмбру віяланчэль. Віталій Судзьін разам з Раманам Ташпулодавым выканалі "Танга” з Сюіты для віяланчэлі і гітары Р.Белафронтэ.

Прыемна адзначыць, што некаторыя студэнты выступілі і ў якасці кампазітараў. "Калі памру, пахавайце мяне з гітарай...” Гэтыя радкі іспанскага паэта Ф.Г.Лоркі сталі эпіграфам да мініяцюры "Закат”, выкананай аўтарам - маладым гітарыстам Р.Ташпулодавым. Выпускніца акадэміі К.Нямера вынесла на суд слухачоў сваю “Фантазію” на тэму беларускай народнай песні.

Вечар быу задуманы такім чынам, што слухачы мелі магчымасць не толькі атрымаць асалоду ад гучання гітары, але і пашырыць свае веды ў галіне гітарнага мастацтва. Перад кожнай п’есай К.Успенскі расказваў пра аўтара музыкі і яго твор.

Для маладога выкладчыка гэты канцэрт быў своеасаблівай справаздачай аб трохгадовай выкладчыцкай дзейнасці ў сценах Акадэміі. А для яго студэнтаў - адказным выступлением на сур'ёзнай сцэнічнай пляцоўцы.

 

                                                                              Вольга МІШУНІНА.


                                                                              "Настаунiцкая  газета"

                                                                               19 чэрвеня 2004 года

Sols D'Ieze - Roland Dyens